ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,

добраахвотныя агульнанац. і мясц. аб’яднанні гісторыкаў-прафесіяналаў, краязнаўцаў і аматараў. Папулярызуюць гіст. веды, даследуюць гісторыю краін і мясц. рэгіёнаў, збіраюць і публікуюць дакумент. крыніцы, рыхтуюць і выдаюць навук. працы, у т. л. па пытаннях метадалогіі і крыніцазнаўства. Першае вядомае гістарычнае таварыства баландыстаў (езуіцкае) узнікла ў 1630 у г. Антверпен (Бельгія). У Расіі першае гістарычнае таварыства створана ў Архангельску (1759), найб. значныя дзейнічалі ў Маскве (з 1804) і Адэсе (з 1839). Усяго ў Расіі да 1917 існавала больш за 120 гістарычных таварыстваў, у т. л. гурток М.П.Румянцава ў Пецярбургу (1810-я г. — 1826), удзельнікі якога збіралі, вывучалі і друкавалі дакументы па гісторыі Беларусі. На тэр. Беларусі найб. значныя гістарычныя таварыствы: Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, Таварыства гісторыкаў-марксістаў БССР, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства, Беларуская асацыяцыя гісторыкаў (з 1993). З 1926 нац. т-вы, асацыяцыі і к-ты гісторыкаў уваходзяць у Міжнар. к-т гіст. навук.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)